Выстава “Вялікія мары маленькіх людзей”

7907909_69870

17 чэрвеня 2021 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы Валянціна Губарава “Вялікія мары маленькіх людзей”. У экспазіцыі будуць паказаны каля 50 жывапісных твораў мастака. На адкрыцці выставы публіцы будзе таксама прадстаўлены мастацкі альбом “Валянцін Губараў” (Мінск: Чатыры чвэрці, 2021).

Валянцін Губараў – адзін з самых вядомых сучасных беларускіх мастакоў, імя якога добра ведаюць знатакі выяўленчага мастацтва як у Беларусі, так і за яе межамі. Крытыкі называюць яго “беларускім Брэйгелем”, яго творчасці прысвечаны адзін з альбомаў папулярнай серыі “Лепшыя сучасныя мастакі”. Сведчаннем прызнання творчасці В. Губарава ў Заходняй Еўропе можа служыць той факт, што прэстыжная французская галерэя Gallerie Berthéas Les Tournesols на працягу многіх гадоў мае з ім эксклюзіўны кантракт.

Асноўная тэматыка творчасці Валянціна Губарава – паўсядзённае жыццё простых людзей. Правінцыяльныя гарады і мястэчкі, вузкія вулачкі з малапавярховымі дамамі, маленькія панадворкі і невялікія, проста абстаўленыя пакоі, людзі, якія займаюцца сваімі штодзённымі справамі або паглыбляюцца ў простыя чалавечыя радасці. Але бытавыя сцэнкі мастака – гэта не натуралістычнае бытапісанне. Работы Губарава выкананы ў наіўнай, амаль лубачнай манеры, фігуры людзей, іх жэсты і паставы выглядаюць гратэскава, колеры – яркія і сочныя. Усё гэта стварае атмасферу свята, мары, летуцення, нават фантасмагорыі. Пражываючы звычайнае паўсядзённае жыццё, персанажы губараўскіх карцін – простыя, нічым не адметныя людзі – падсвядома мрояць пра нешта большае, пра нейкае лепшае, цудоўнае жыццё. І аўтар паказвае нам гэтых летуценнікаў са шчырай цеплынёй і добрай іроніяй.

Творчасць Валянціна Губарава часта адносяць да наіўнага жывапісу. Але яго працы зусім не “наіўныя” ў звычайным сэнсе гэтага слова. Уяўная наіўнасць і прастадушнасць – гэта форма, пры дапамозе якой ствараецца своеасаблівая “губараўская” атмасфера рамантыкі штодзённасці, здольная прыцягваць гледачоў рознай ступені дасведчанасці ў мастацтве. Але бездакорная дакладнасць і вытрыманасць стылю, змястоўная насычанасць кожнай працы сведчаць пра высокае прафесійнае майстэрства аўтара. У працах Губарава няма стылізацыі пад народны прымітыў, “наіўнасць” тут глыбока прадумана і па-майстэрску пабудавана. Губараўскія сюжэты складаюцца з мноства старанна прапісаных дробных дэталяў. Але пры гэтым кампазіцыя кожнай працы застаецца ўнутрана суцэльнай і гарманічнай, а дэталі ствараюць дадатковы сэнс, у выніку чаго вонкава наіўная карціна становіцца шматслойнай, насычанай рознаўзроўневымі падтэкстамі кампазіцыяй. Таму работы Валянціна Губарава ў розных гледачоў здольны выклікаць самыя розныя пачуцці: у кагосьці настальгічныя ўспаміны, у кагосьці іронію, смех, здзіўленне ці захапленне, пачуццё расчуленасці, а каго-небудзь, напэўна, навесці на сур’ёзныя разважанні пра сэнс чалавечага існавання.

Валянцін Аляксеевіч Губараў нарадзіўся ў Горкім (цяпер – Ніжні Ноўгарад) 14 красавіка 1948 года. Вучыўся ў Горкаўскім мастацкім вучылішчы, а затым на факультэце графікі Маскоўскага поліграфічнага інстытута. З 1975 года жыве і працуе ў Мінску. Член Беларускага саюза мастакоў. Ганаровы член мастацкай асацыяцыі “Шэдэўр” (Вюрцбург, Германія). З 1994 года мае эксклюзіўны кантракт з галерэяй Gallerie Berthéas Les Tournesols (Францыя). З 2005 з поспехам удзельнічае ў аўкцыёнах Christie’s (Лондан), Drouot-Richelieu (Парыж), Kinsky (Вена). Персанальныя выставы з поспехам прайшлі ў многіх краінах Еўропы. Творы В. А. Губарава знаходзяцца ў Музеі мастацтва Санкт-Пецярбурга XX–XXI стагоддзяў (Расія), музеі Zimmerli Art Museum (ЗША), галерэі ProArt Gallery (ААЭ) і ў іншых музеях, а таксама ў шматлікіх прыватных калекцыях у Беларусі, Расіі, ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Германіі, Аўстрыі, Японіі, Ізраілі і іншых краінах.

Выстава працуе з 18 чэрвеня па 18 ліпеня 2021 года.

 

Похожие записи

Верх