Выстава “Макоўскія”. Да 175-годдзя з дня нараджэння мастака Уладзіміра Ягоравіча Макоўскага”

mac

4 чэрвеня 2021 г. ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь па адрасе вул. Леніна, 20 (г. Мінск) адкрываецца выстава “Макоўскія”, прымеркаваная да 175-годдзя з дня нараджэння выдатнага рускага мастака Уладзіміра Ягоравіча Макоўскага (1846–1920). 

Выстава прысвечана адной з самых вядомых і таленавітых мастацкіх дынастый у гісторыі рускай культуры XIX–ХХ стагоддзяў – Макоўскім. Прадстаўнікі гэтай сям’і ўнеслі значны ўклад у выяўленчае мастацтва, літаратуру, калекцыяніраванне, мастацтвазнаўства і мастацкую адукацыю.

У зборы Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь знаходзіцца сапраўды ўнікальная калекцыя твораў, выкананых найбуйнейшымі майстрамі рускага выяўленчага мастацтва другой паловы XIX – пачатку XX стагоддзя: К.Я. Макоўскім (1839–1915), бліскучым майстрам партрэта  і эфектных гістарычных палотнаў, прысвечаных жыццю Старажытнай Русі; У.Я. Макоўскім (1846–1920), выдатным майстрам жанравага жывапісу, цудоўным малявальшчыкам і ілюстратарам; а таксама таленавітым мастаком-пейзажыстам М.Я. Макоўскім (1841–1886). Калекцыя братоў Макоўскіх склалася ў музеі ў 1940–1960-я гады і налічвае сорак чатыры творы жывапісу і графікі. Упершыню мастацкая спадчына Канстанціна, Уладзіміра і Мікалая як суцэльная з’ява будзе прадстаўлена ў рамках аднаго выставачнага праекта – “Макоўскія”.

У экспазіцыю выставы ўвойдуць больш за трыццаць твораў жывапісу і графікі са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і Музея Беларускага Палесся ў Пінску. Выдатным дадаткам паслужаць рэдкія выданні пачатку XX стагоддзя з публікацыямі С.К. Макоўскага, ілюстрацыямі У.Я. Макоўскага з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і бібліятэкі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Похожие записи

Верх