Выстава Уладзіміра Мурахвера, прымеркаваная да 90-годдзя з дня нараджэння

7345702458292_57039

З 2 ліпеня па 30 жніўня 2021 года ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь праходзіць выстава заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі, ганаровага замежнага сябра Расійскай акадэміі мастацтваў Уладзіміра Сямёнавіча Мурахвера, прымеркаваная да 90-годдзя з дня нараджэння мастака. На выставе прадстаўлена каля 30 твораў са шкла з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Уладзімір Сямёнавіч Мурахвер належыць да той плеяды мастакоў, якія – кожны ў сваёй сферы – на доўгія гады вызначылі магістральныя шляхі развіцця нацыянальнай культуры.

У 1959 годзе, пасля заканчэння Ленінградскага вышэйшага мастацка-прамысловага вучылішча імя Веры Мухінай, Уладзімір Мурахвер быў накіраваны на знакаміты шклозавод “Нёман”. Вытворчасць славілася даўнімі, яшчэ з ХІХ стагоддзя, традыцыямі шклаварэння і вопытнымі майстрамі-шкловыдзімальшчыкамі, гатовымі рэалізоўваць самыя смелыя ідэі. Менавіта з прыходам прафесійных мастакоў пачаўся росквіт мастацкага шкла ў Беларусі як самастойнага віду мастацтва з уласнымі выразнымі сродкамі. А гэта значыць, што на першы план выходзілі аўтарскі пачатак, індывідуальная эстэтычная канцэпцыя, эксперымент.

Вядома, ва ўмовах заводскай вытворчасці свабода творчасці не бязмежная. Тут не месца для “мастацтва дзеля мастацтва”, абсалютна адарванага ад рэальнасці. Мастаку даводзіцца думаць не толькі пра ўвасабленне сваіх арыгінальных ідэй, але і пра тыражаванне, масавы выраб прадукцыі па распрацаваных ім узорах – гэта значыць не толькі пра “ўзвышанае”, але і пра “зямное”. Аднак для такіх майстроў, як Уладзімір Мурахвер, гэта не кайданы, што паралізуюць, а выклік, які патрабуе асаблівых крэатыўных рашэнняў і дае дадатковы імпульс для творчага пошуку. Без сумнення, Уладзіміру Мурахверу ўдалося знайсці шчаслівую гарманічную раўнавагу паміж утылітарнай і дэкаратыўнай функцыямі шкла – здольнасць ператвараць прадметы ўжытку ў творы мастацтва.

Менавіта ён стаў адным з першых мастакоў-наватараў, якія змянілі беларускае шкларобства, інакш кажучы, здзейснілі ў ім рэвалюцыю. Уладзімір Мурахвер зыходзіў з самой прыроды матэрыялу, не скажаючы яе, а імкнучыся перадаць розны стан шкла, яго зменлівасць і пластычнасць, прадэманстраваць прыгажосць колеру і фактур, гульню святла, рух масы.

На працягу ўсяго жыцця Уладзімір Мурахвер шмат эксперыментаваў з рознымі тэхнікамі, бо творчасць мастака, які працуе са шклом, – гэта бесперапынны пошук не толькі новых вобразаў, але і наватарскіх прыёмаў, арыгінальных спосабаў аздаблення матэрыялу. Вядома ж, такія эксперыменты не былі для яго самамэтай, а падпарадкоўваліся галоўнаму імкненню – жаданню стварыць прадмет, які не абмежаваны яго ўтылітарным прызначэннем, а ператвараецца ў арт-аб’ект.

Безумоўна, Уладзімір Мурахвер выпрацаваў свой пазнавальны аўтарскі почырк, стварыў уласны ўнікальны мастацкі свет. І разам з тым ён стаяў ля вытокаў фарміравання асаблівага стылю “нёманскага” шкла, быў адным з тых мастакоў, чые работы, створаныя на “Нёмане”, сталі вядомымі і шануемымі далёка за межамі Беларусі, такім жа прадметам нацыянальнага гонару, як, напрыклад, муранскае шкло ў Італіі або багемскі хрусталь у Чэхіі.

Куратары выставы: старшы навуковы супрацоўнік аддзела беларускага мастацтва ХХ–ХХІ стст. Юлія Загорская, навуковы супрацоўнік навукова-фондавага аддзела Марыя Шугалей.

 

Похожие записи

Верх