«Плынь Часу». Выстава твораў мастакоў Беларусі – юбіляраў 2021 года

unnamed

Гэта 15-я з шэрага групавых выстаў, прысвечаных творчасці мастакоў – юбіляраў адпаведнага года. Падобныя экспазіцыі сталі ў нашым музеі традыцыйнымі, яны ладзяцца з 2008 года (у некаторыя гады было некалькі асобных выстаў такога кшталту розных “фарматаў”, але часам не было ніводнай).

Сёння ж склалася так, што часавы дыяпазон юбілейных дат больш вузкі, чым звычайна раней, у жывапісным раздзеле ён уключае творы толькі 100-гадовых мастакоў і больш старэйшых, “старых майстроў” беларускага жывапісу ХХ стагоддзя. Такое абмежаванне выклікана колькасцю гэтых мастакоў і якасцю іх работ у калекцыі музея. Але хоць усе яны аднолькава ўнушальныя па ўзросце, мастакі вельмі адрозніваюцца сваімі індывідуальнасцямі, асаблівасцямі сваіх мастацкіх светабудоў, што, між іншым, натуральна.

У бягучым годзе адзначаюцца 140-гадовыя юбілеі класічнага “акадэміста” Валянціна Волкава і “постімпрэсіяніста” Міхаіла Станюты, які не атрымаў сістэмнай мастацкай адукацыі. Іх творчасць увасабляюць два розныя падыходы да рэальнасці – больш эмацыянальна-непасрэдны ў другога і больш адчужана-прафесійны ў першага. Першы падыход дазваляе адкрыта выяўляць свае пачуцці, другі – забяспечвае стварэнне ў мастацтве выверанага, па-свойму гарманічнага свету, дзе пануюць “непахісныя” мастацкія законы, свайго кшталту нішы ў непрадказальным рэальным свеце. І на тым, і на іншым шляху мастака можа чакаць поспех. У пастаяннай экспазіцыі музея знаходзяцца шэдэўры абодвух вышэйпамянёных майстроў: “Партрэт дачкі” Станюты і “3 ліпеня 1944 года” Волкава.

На выставе можна бачыць творы мастакоў, у якіх захавалася па розных прычынах лічаная колькасць работ увогуле. Гэта Арон Касцялянскі, Уладзімір Хрусталёў. Твор першага быў вывезены ў Германію падчас вайны, пасля вернуты, не так даўно завяршылася яго працяглая рэстаўрацыя. Акрамя мастацкай каштоўнасці ён мае вагу гістарычна-архітэктурнага дакумента.

Нягледзячы на вельмі абмежаваныя памеры выставы, яна дае магчымасць у некаторых выпадках назіраць эвалюцыю жывапісцаў ад ранніх, больш “ангажаваных” твораў да спелых, самастойных мастакоўскіх выказванняў, напрыклад, Абрама Заборава, Канстанціна Касмачова, Абрама Астроўскага, ці бачыць параўнальна роўную “дыяграму” творчасці – калі мастак меў магчымасць скласціся амаль адразу адпаведна сваім унутраным запатрабаванням – Мікалай Дучыц, Сяргей Каткоў, Альгерд Малішэўскі, той жа Волкаў. Сярод экспанентаў выставы ў гэты раз прысутнічае шэраг выдатных партрэтыстаў – Барыс Няпомняшчы, Ісак Бароўскі, Мікалай Валынец, Эдуард Куфко, зноў-такі Волкаў, скульптары Нафтал Рапапорт, Марк Раберман, якія некаторы час працавалі на Беларусі, Генадзь Мурамцаў, Яўген Санько. А партрэт, безумоўна, адзін з самых складаных жанраў у мастацтве. Рэдкі мастак абмінуў у сваёй творчасці пейзаж, але няшмат і такіх “чыстых пейзажыстаў”, як Мікалай Дучыц, Барыс Звінагродскі, Галіна Азгур, Уладзімір Старчакоў. І жанр “аддзячыў” ім несумненнымі поспехамі, імем у мастацтве. У часы ідэалагізаванай культуры пейзаж дазваляў мастакам большую свабоду выказвання. Ці не ў большай ступені гэта тычыцца і нацюрморта – падчас рэчы могуць з найбольшай шчырасцю выявіць настрой думак майстра, пра што сведчаць творы Малішэўскага, Каткова, Волкава.

Спадзяемся, што наведвальнікі гэтай выставы з цікавасцю для сябе пазнаёмяцца з нечаканымі творамі вядомых мастакоў ці з раней невядомымі майстрамі.

Похожие записи

Верх