“Будзьма!” абвяшчае конкурс на найлепшы дызайн!

budzma-konkurs

Грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” абвяшчае конкурс эскізаў на нацыянальна арыентаваную тэматыку.

Для каго? Для аматараў і прафесіяналаў, для ўсіх, хто неабыякавы да ўласнай культуры і хоча праявіць сябе!

У чым сэнс конкурсу? Мы шукаем цікавыя, крэатыўныя і сучасныя ідэі, накіды, малюнкі і эскізы, якія б вы хацелі бачыць на майках, торбах, кубках, нататніках і інш. Мы даём шырокі прастор вашай фантазіі (падзеі, асобы з гісторыі і міфалогіі, арнаменты і ўсё, што, на вашу думку, звязанае з Беларуссю, у тым ліку проста смешныя выявы і надпісы). Кветачкі і мімішныя малюнкі таксама прымаюцца. Галоўнае – крэатыў, бо мы шукаем тое, чаго яшчэ не было!

Конкурс стартуе 23 траўня і будзе праходзіць у некалькі этапаў.

1 этап

Дасылайце запоўненую заяўку ўдзельніка і малюнак або некалькі ў фармаце PNG або JPEG (максімальны памер – 5MB) да 23:59 10 чэрвеня на скрынку adv.budzma@gmail.com з пазнакай “Конкурс дызайну”. Да разгляду прымаецца максімум пяць малюнкаў.

Заяўка мусіць змяшчаць наступныя пункты:

  1. Імя, прозвішча,
  2. Узрост,
  3. Род дзейнасці (месца працы, вучобы),
  4. Назвы і кароткае апісанне дызайнаў (па жаданні),
  5. Тэлефон, e-mail.

2 этап

Журы робіць папярэдні адбор дызайнаў. На сайце budzma.by і на старонках кампаніі ў сацыяльных сетках гэтыя дызайны будуць выстаўленыя на галасаванне. Дызайны, якія набяруць найбольшую колькасць інтэрнэт-галасоў, і стануць пераможцамі. Такім чынам, пераможцы  будуць абраныя праз “народнае” галасаванне.

3 этап

Супольная праца пераможцаў з прафесійнымі дызайнерамі і прадстаўнікамі кампаніі “Будзьма беларусамі!” па адаптацыі малюнка пад прынт для нанясення на візуальную прадукцыю.

Што ў выніку

Найлепшыя малюнкі-пераможцы будуць рэалізаваныя ў выглядзе прынтоў на цішотках, торбах, кубках ды іншай візуальнай прадукцыі. Аўтары-пераможцы атрымаюць ганарар.  

Стварайма якасныя і прыгожыя рэчы разам!

 

Похожие записи

Верх