Незвычайная вакансія захавальніка суслікаў у Нясвіжскім раёне

Screenshot_1

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) абвясціла цікавую вакансію. Калі вы жывяце ў Нясвіжскім раёне, мабільныя і хочаце абараніць ад знікнення аднаго з самых рэдкіх грызуноў Беларусі, падавайцеся на яе!

Рабы суслік — від, уключаны ў нацыянальную Чырвоную кнігу. Гэта дзённыя звяркі, якія жывуць калоніямі на лугах. На жаль, многія такія месцы разворваюцца. У 2013 годзе такім чынам незаконна была знішчана апошняя вядомая вучоным калонія суслікаў у Беларусі. Але праз сем гадоў пасля інтэнсіўных пошукаў у арэале экспертам АПБ атрымалася выявіць 7 новых калоній звяркоў у Нясвіжскім і Капыльскім раёнах. 

Пяць з іх знаходзяцца ў Нясвіжскім раёне, у тым ліку самая буйная ў Беларусі. Вялікая яе частка ўжо перададзена пад ахову. І хоць нават на неахоўных тэрыторыях знішчаць «чырванакніжных» суслікаў забаронена законам, за гэтымі калоніямі трэба глядзець ды глядзець: калі іх перакапаюць, апошнія суслікі Беларусі могуць знікнуць.

Місіяй захавальніка суслікаў якраз і будзе штодзённае наведванне пяці калоній суслікаў і сачэнне за іх станам. Фота калоній трэба будзе адпраўляць у АПБ, а ў выпадку, калі ім пагражае узворванне ці нешта іншае (напрыклад, на калонію будуць навальваць кучы ўгнаенняў, як ужо было летась на калоніі ў Капыльскім раёне), адразу ж званіць у арганізацыю.

Праца будзе займаць не больш за дзве гадзіны на дзень. Захавальнік суслікаў павінен будзе аб’язджаць на сваім ровары або аўтамабілі калоніі ў ваколіцах вёсак Юшавічы, Затур’я, Цагельня і Сейлавічы. Заработная плата ўсталёўваецца па выніках гутаркі. Больш падрабязна азнаёміцца з вакансіяй можна тут.

Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар АПБ: 

- Фармальна ўсё месцы пражывання рабога сусліка павінны знаходзіцца пад аховай дзяржавы. Але працэс перадачы няпросты. Апошняе слова за райвыканкамам, а яны часам катэгарычна не хочуць абмяжоўваць гаспадаранне на зямлі. За 1,5 года АПБ і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі да гэтага часу не ўдалося атрымаць ахоўны статус для чатырох калоній сусліка ў Нясвіжскім раёне. Але паколькі гэты від знаходзіцца пад фармальнай аховай, хоць яго месцапражыванне — не, мы лічым, што захавальнік зможа прадухіліць знішчэнне гэтых апошніх калоній, пакуль яны не атрымаюць ахоўную грамату. 

Калі вы хочаце стаць захавальнікам суслікаў, дасылайце да 24 сакавіка сваю кароткую аўтабіяграфію дырэктару АПБ Аляксандру Вінчэўскаму на vintchevski@ptushki.org. У лісце абавязкова напішыце, чаму вы лепш за ўсіх пасуеце для гэтай працы.

Усіх, хто разам з намі перажывае за беларускіх суслікаў, АПБ просіць зрабіць ахвяраванне на любую суму на заробак захавальніку.

Похожие записи

Верх