«Універсітэт без межаў»: новыя магчымасці анлайн-адукацыі для беларусаў

Screenshot_2

Восенню 2021 г. усе ахвотныя павысіць сваю прафесійную кваліфікацыю, паглыбіць кампетэнцыі па самых запатрабаваных напрамках і ацаніць еўрапейскі падыход да адукацыі атрымаюць магчымасць вывучаць цэлы шэраг прадметаў з праграмы Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, якія былі адаптаваныя для анлайн-навучання ў рамках праекта «Універсітэт без межаў».

Менавіта анлайн-фармат навучання набывае асаблівую актуальнасць у сітуацыі COVID-лакдаўна і закрыцця межаў паміж дзяржавамі. «Універсітэт без межаў» дапаможа ўсім ахвотным – напрыклад, тым, хто хоча, але пакуль не вырашаецца або па пэўных прычынах не можа вучыцца за мяжой ці проста імкнецца пашырыць свой кругагляд і атрымаць новы досвед і веды, – зрабіць крок насустрач сваім марам, не выходзячы з дому.

Праект «Універсітэт без межаў» рэалізуецца ў рамках праграмы Emerging Donors Challenge і ставіць сваёй мэтай развіццё здольнасці грамадства супрацьстаяць сучасным выклікам, а таксама павышэнне ўзроўню палітычнай, прававой і медыйнай пісьменнасці праз адукацыю з акцэнтам на перадавыя метады навучання і развіццё крытычнага мыслення.

Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт ужо амаль 30 гадоў адкрывае для студэнтаў з Беларусі і іншых краін рэгіёна шырокія адукацыйныя магчымасці і кар’ерныя перспектывы. Сёння яны навучаюцца на праграмах бакалаўрыяту, магістратуры і дактарантуры ў вочным, завочным і мяшаным фарматах, становяцца запатрабаванымі спецыялістамі нават у самых высокаканкурэнтных галінах. Праект «Універсітэт без межаў» дае будучым слухачам прапанаваных у яго рамках курсаў шанс прымерыць на сябе цікавую прафесію, пашырыць свае прафесійныя кампетэнцыі і атрымаць веды еўрапейскага ўзроўню з дапамогай сучасных лічбавых тэхналогій.

Праграма праекта «Універсітэт без межаў» уключае розныя курсы ў галіне палітыкі, права (у тым ліку курсы для ўжо практыкуючых юрыстаў), медыя і камунікацыі, гендарных даследаванняў і інш. Іх слухачы змогуць павысіць сваю кваліфікацыю ў асобных галінах сацыяльных і гуманітарных ведаў і паспрабаваць сілы ў новых сферах, набудуць і палепшаць навыкі працы і камунікацыі ў віртуальным асяроддзі з выкарыстаннем сучасных інфармацыйных тэхналогій. Анлайн-заняткі таксама дапамогуць пашырыць круг зносін і завесці новыя знаёмствы: фармат курсаў прадугледжвае не толькі самастойную вучобу, але і актыўнае ўзаемадзеянне з выкладчыкамі і аднагрупнікамі.

Запіс на курсы восеньскага семестра стане магчымым у пачатку верасня, а заняткі пачнуцца ў кастрычніку. Кожны курс разлічаны на навучанне на працягу 1 семестра, але колькасць курсаў, якія можна абраць, не абмежавана.

У працэсе навучання студэнты павінны будуць выконваць усе прадугледжаныя праграмай заданні для ацэнкі, пасля чаго змогуць атрымаць сертыфікат аб праходжанні абранага курса. Акрамя таго, для тых, хто пажадае працягнуць адукацыю ў ЕГУ, паспяховыя заняткі ва «Універсітэце без межаў» змогуць быць залічаны як курсы па выбары ў час навучання па абранай спецыяльнасці.

 

Похожие записи

Верх