Грамадска-дзяржаўны дыялог аб гісторыка-культурнай спадчыне

Канферэнцыя

Грамадскія і дзяржаўныя адмыслоўцы ў галіне спадчыны разам прааналізуюць “белыя плямы” ў Дзяржспісе гісторыка-культурных каштоўнасцей. Вы можаце далучыцца!

Грамадска-дзяржаўны дыялог у галіне спадчыны, які няпроста наладзіць у звычайныя часы, адбудзецца ў абмежаваных пандэміяй і перадвыбарным хаосам умовах. 

19-20 чэрвеня больш за тры дзясяткі спецыялістаў у сферы спадчыны прадставяць свой аналіз эфектыўнасці беларускай сістэмы ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцей на Zoom-канферэнцыі “Права на спадчыну” і Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей: Выклікі і рашэнні”. У лік дакладчыкаў увайшлі прадстаўнікі Міністэрства культуры і мясцовых органаў улады, архітэктары-рэстаўратары, адмыслоўцы з дзяржаўных і грамадскіх арганізацый, даследчыкі з беларускіх і замежных універсітэтаў. 

Сцяпан Стурэйка, суарганізатар канферэнцыі з боку Беларускага камітэта ICOMOS: “Мы верым, што нават у дыстанцыйных умовах гэтае абмеркаванне можа закласці сістэмныя змены ў сферы аховы спадчыны праз адкрыты дыялог. Мы вельмі рады прадаставіць камунікацыйную прастору для пошуку супольных рашэнняў многіх набалелых пытанняў”. Праграмны дырэктар МНДА “ЕўраБеларусь” Таццяна Пашавалава дадае: “Мы аформім найбольш вартыя і падтрыманыя калегамі прапановы у серыю публікацый для супольнага абмеркавання, прадаставім iх Міністэрству культуры і будзем падтрымліваць як прырытэт і павестку для аб’яднаных дзеянняў”

Праграма двухдзённай канферэнцыі складаецца з 8 секцый, якія закранаюць аспекты эфектыўнасці Дзяржспіса на нацыянальным і лакальных узроўнях, а таксама ў асобных накірунках. На старце анлайн-сустрэчы:

  • Кіраўніца ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Хвір распавядзе аб гісторыі стварэння гэтага дакумента, а архітэктар-рэстаўратар і ўласна аўтар канцэпцыі Дзяржспісу Дзмітрый Бубноўскі дасць асабісты агляд праблем сістэматызацыі ў ім. Кансультант аддзела арганізацыі аховы і ўліку ГКК Генадзь Ходар агучыць канкрэтныя практычныя рэкамендацыі па падрыхтоўцы прапаноў аб пашырэнні Дзяржаўнага спісу гісторыка-культурных каштоўнасцей
  • Арганізатары канферэнцыі прадставяць еўрапейскія тэндэнцыі ў захаванні помнікаў, раскрыюць прынцыпы “права на спадчыну” паводле міжнароднага рамачнага дакумента — Канвенцыі Фару 2005 г. 

У далейшую вельмі насычаную праграму ўваходзяць: 

  • Мноства кейсаў грамадскага ўдзелу ў захаванні асобных аб’ектаў спадчыны,  магчымасці і праблемы комплекснага падыходу да гістарычных цэнтраў;
  • Уплыў савецкіх падыходаў на сённяшнюю практыку аховы помнікаў;
  • “Адкрыты космас” працы з нематэрыяльнай спадчынай;
  • Метадалогія аховы культурнай спадчыны;
  • Асаблівасці захавання гістарычных могілак і іншых катэгорый спадчыны.

З дэтальным раскладам можна азнаёміцца тут. Усе зацікаўленыя тэмай могуць далучыцца ў якасці гледача праз рэгістрацыю да 8:30 пятніцы. 

Сайт канферэнцыі

Падзея ў Facebook

Похожие записи

Верх