Drink Talk #5 «Жыццё без вайны з вірусамі ды іншымі істотамі»

жыццё без вайны з вірусамі ды іншымі істотамі

У сітуацыі пандэміі COVID-19 мілітарысцкі дыскурс знайшоў сваё новае прымяненне – на гэты раз вайнe абвясцілі вірусам, якія сталі новым ворагам не толькі людзей, але і дзяржаў і ўсёй сусветнай супольнасці.

Такое стаўленне да вірусаў прадказальнае і адказвае тэндэнцыі прыпісвання жывым істотам чалавечых рысаў і роляў. Аб’ява вірусам вайны – гэта элемент падтрымання іерархіі паміж людзьмі і іншымі жывымі істотамі, якая атрымала пазначэнне спесішызма. Гэты від іерархій, аднак, не быў бы такім трывалым, калі б не падтрымліваўся іншымі – гендарный, расавай, узроставай і міжкраінавай – іерархіямі.

У рамках дыскусіі нам хацелася б больш дэталёва абмеркаваць, што такое спесішызм і якія следствы ён мае для сучаснага сацыяльна-прыроднага свету. Чаму варта адмовіцца ад дыскурсу вайны ва ўзаемаадносінах з вірусамі і як магчыма інакш выбудоўваць адносіны з імі і іншымі жывымі істотамі? Нарэшце, як спесішызм і іншыя іерархіі, напрыклад, паміж гендарамі, падтрымліваюць адзін аднаго, вызначаючы у тым ліку наша разуменне палітыкі і дэмакратыі?

7 ліпеня | 19:00 | zoom
рэгістрацыя: https://forms.gle/6wBbetPppWPreWdu8

Удзельнікі і ўдзельніцы:

Аляксандр Адамянц — дырэктар Еўрапейскага каледжа Liberal Arts у Беларусі;

Таццяна Кузняцова — экафеміністка, супрацоўніца Цэнтра экалагічных рашэнняў, аўтарка Ecoidea.by;

Марыя Сума —  экафеміністка, кансультантка ў сферы экалагічнага развіцця, супрацоўніца Цэнтра экалагічных рашэнняў, магістр біялагічных навук;

Вольга Шпарага — філосафка, кіраўніца канцэнтрацыі «Сучаснае грамадства, этыка і палітыка» ECLAB.

Мадэратар:

Валдзіс Фугаш — праваабаронца, трэнер і кансультант у сферы адукацыі і адвакацыйных дзеянняў у сферы правоў чалавека, грамадскіх інтарэсаў і культуры міру, сузаснавальнік праваабарончай арганізацыі Human Constanta.

За дзве гадзіны да правядзення сустрэчы мы вышлем вам спасылку і пароль для падключэння.

Мерапрыемства ў facebook.

***

Пра серыю drink talks «Сацыяльная экалогія: праз пандэмію да ўтопіі», арганізаваную удзельніцамі і ўдзельнікамі Крос-каштоўнаснай антыплатформы

Пандэмія COVID-19 стала выклікам для сучасных грамадстваў. Яна паказала складаныя перапляценні супольнасцяў, эканомікі і прыроды, асэнсаванне якіх патрабуе ацэнак і даследаванняў з розных перспектыў.

Сацыяльная экалогія прапаноўвае адну з іх. Яе арыенцір – новая ўтопія, прычым не ў сэнсе завершанай праграмы, а ў выглядзе сумеснага гарызантальнага і адкрытага пошуку пажаданай будучыні. 

У рамках серыі нашых drink talks разам з усімі ўдзельніцамі і ўдзельнікамі і з апорай на сацыяльную экалогію нам хацелася б абмеркаваць магчымасці будаўніцтва свету без дамінавання чалавечага грамадства над прыродай і адных людзей над іншымі.

Похожие записи

Верх