Фотавыстава «Яе справа»

ЯЕ СПРАВА

«Яе справа» — гэта фотавыстава пра беларусак, якія знайшлі сябе ў прафесіях, якія выбірае і ў якіх застаецца не кожная. З чым сутыкаецца чалавек, які абірае непапулярны шлях? Як ўзнагароджваецца прафесійны выбар і шлях, заснаваныя ў большай ступені на асабістых упадабаннях, памкненнях і здольнасцях, чым на чаканнях грамадства і асяроддзя?

«Ужо пяты год я працую і паралельна вучуся ў вну. Буду інжынерам. І, ведаеце, вельмі радая, што спачатку папрацавала оптыкам, атрымаўшы сярэднюю спецыяльную адукацыю. Пакруціла дэталі сваімі рукамі, паглядзела, як ствараюцца механізмы, пазнаёмілася з чарцяжамі і дакументацыяй. Цяпер буду працаваць інжынерам-канструктарам — спецыялістам, які стварае ўсё гэта. А я маю ўяўленне пра працу, магу агучыць свой пункт гледжання і, магчыма, уносіць нейкія змены», — расказала Галіна Чугаева, оптык-механік.  

 

Гісторыя яе прафесійнага шляху — адна з 12, расказаных сумесна ўдзельніцамі і аўтарамі выставы. 36 фатаграфій, выкананных фатографам Яўгенам Атцэцкiм,  і асабістыя гісторыі перанясуць гледача на месцы працы гераінь з Мінска, Салігорска, Наваполацка і іншых гарадоў Беларусі. Сярод удзельніц  жанчыны такіх прафесій, як ствалавы падземны, ляснічы, электраманцёр, кіроўца-выпрабавальнік, мехатронік і іншыя. «Яе справа» — гэта размова аб выбары, шляху і ўпэўненасці ва ўмовах хутказменлівага свету.

Фотавыстава стала часткай праекта «Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі». Праект фінансуецца Еўрапейскім саюзам.

 

Похожие записи

Верх