Трансмежны фестываль “Ноч ваўкоў”

unnamed

1-2 лютага ў Белавежскай пушчы адбудзецца першая трансмежная Ноч ваўкоў. У праграме навукова-папулярныя лекцыі ад  людзей, знаёмых з гэтымі драпежнікамі не па чутках, экскурсіі па знакамітым лесе па два бакі ад мяжы ў пошуках ваўчыных слядоў і шмат іншага. Запрашаюцца ўсе, хто цікавіцца дзікай прыродай. 

 

1 лютага ў канферэнц-зале нацыянальнага парка, побач з Музеем прыроды паралельна адбудуцца дзве праграмы на ваўчыную тэму. На адной пляцоўке навукоўцы, біёлагі і генетыкі, мастакі раскажуць і пакажуць, чым ваўкі падобныя на нас і чым адрозніваюцца, чаму іх калісьці зацікавіла тэма воўка і як гэта жыць з ваўкамі. На другой — вашы дзеткі змогуць пагрузіцца ў атмасферу лясной казкі. Польскія суседзі арганізуюць асобную адукацыйна-забаўляльную праграму для маленькіх гасцей.

 

Чыі гісторыі можна будзе паслухаць?

  • Ігар Бышнёў – заолаг, выбітны кінарэжысёр-анімаліст, аўтар больш чым 60 фільмаў і відэаролікаў пра прыроду пакажа відэагісторыі пра ваўкоў Беларусі, Калмыкіі і Каўказа.
  • Дзмітрый Шамовіч і Анастасія Кузьмянкова – заолагі, важакі ваўчынай зграі. Выгадавалі трох ваўкоў і раскажуць пра асаблівасці жыцця з імі.
  • Валерый Дамброўскі – заолаг. Раскажа пра даследаванні ваўкоў у Чарнобыльскай зоне – унікальным месцы, дзе гаспадарчая дзейнасць забаронена.
  • Віктар Фянчук – каардынатар воўчага праекта, чалавек, якому vouk.by абавязаны сваім існаваннем. Раскажа пра тое, колькі ваўкоў у Белавежскай пушчы і як ім тут жывецца.
  • Мацей Шэўчык – вучоны-генетык з Польшчы, спецыяліст па гененетычнай структуры папуляцыі, дынамікі зграі, сваяцтву і экалогіі ваўкоў. Раскажа пра асаблівасці ваўкоў, якія вярнуліся ў Цэнтральную Еўропу.
  • Ірына Кашпей – прыродаахоўніца і заолаг, якая вучыцца ў магістратуры Эдынбургскага ўніверсітэта. Натхніла аўдыторыю TEDxMinsk сваёй любоўю да ваўка і цяпер падзеліцца ёй з вамі.
  • Лялечны тэатр Czervo, арганізаваны беларусамі Польшчы, прадэманструе пастаноўку, у якой галоўныя ролі адведзены ваўкам.

Што яшчэ будзе адбывацца?

Увечары, пасля лекцыйнай часткі, адбудуцца экскурсіі ў групах па Белавежскай пушчы. Нехта, нават, натрапіць на след ваўка! У любым выпадку, праваднікі – вопытныя лясныя людзі, у якіх ёсць зашмат гісторый, каб падзяліцца. Маршруты разлічаны на розныя магчымасці. Але пры добрым надвор’і нават самы складаны з іх не патрабуе асаблівай падрыхтоўкі. 

Пасля экскурсіі пагрэемся ля вялікага вогнішча на Царскай паляне – любімым месцы гасцей Белавежскай пушчы, дзе адбудзецца невялікі пікнік. 

2 лютага, усе ў каго ёсць віза і жаданне, паедуць на польскі бок Белавежскай пушчы. Прадстаўнікі Дзяржаўных лясоў Польшчы пакажуць свае любімыя месцы белавежскага лесу. Шпацыр разлічаны на некалькі гадзін. А 17-й гадзіне группа вернецца ў Беларусь.

 

Поўная праграма мерапрыемства тут

 

Чаму воўк такі важны?

 

АПБ сумесна з беларускім і польскім нацыянальнымі паркамі імкнецца змяніць стаўленне людзей да ваўка. Драпежнік найвышэйшага парадку апынуўся закладнікам масавага меркавання аб тым, што без ваўка чалавеку зручней існаваць і што ён нібыта з’яўляецца нам канкурэнтам. Эколагі не згодныя з гэтым. Сярод аргументаў —  думка аб тым, што чалавек ад суседства з гэтым зверам таксама выйграе. Здольнасць ваўка падтрымліваць біялагічную разнастайнасць і самарэгуляцыю экасістэмы, у якой жыве дае наш шанец захаваць побач натуральныя лясы, у якіх прыемна дыхаць і якія могуць даваць бясконцы прыбытак пры належным кіраванні.

 

Але пакуль чалавек імкнецца да іншага. Ён вырашае, колькі і якіх відаў патрэбна канкрэтнаму лесу ці нават асабліва ахоўнай тэрыторыі. Беспадстаўна перакройваючы экасістэму на свой капыл, ён парушае раўнавагу дзікай прыроды, у якой усё ўзаемазвязана.

Ірына Кашпей, спецыяліст АПБ па прыродаахоўных пытаннях спадзяецца, што Ноч ваўкоў прыцягне ўвагу грамадства да цяжкага становішча, у якім апынуўся від:

 “Многія людзі адчуваюць глыбокі, нават радавы страх перад ваўком. У яго падмурку — недахоп ведаў. Чалавек, які не разумее, чым выкліканыя паводзіны жывёлы, не ведае, як да гэтага ставіцца, ад таго і баіцца. На Ночы ваўкоў мы падзелімся гэтымі ведамі. Спадзяюся, што з цягам часу ўсё больш людзей пачне ставіцца з павагай да ваўка, якога многія пакуль што лічаць непажаданым у лесе відам!” 

 

Похожие записи

Верх