Крэатон для старшакласнікаў «Першыя ідэі»

Screenshot_6

У Гродне ў межах сацыяльна-адукацыйнага праекта «Першыя» прайшоў трэці рэгіянальны крэатон для старшакласнікаў. Каля сотні вучняў з Гродна, Гродзенскай, Мінскай і Брэсцкай абласцей сабраліся, каб прапанаваць, як з дапамогай сучасных тэхналогій можна палепшыць жыццё людзей.  

Школьнікам дэманстравалі ролікі выступленняў вядомых у сферы IT спікераў. Пасля гэтага ўдзельнікі падзяліліся на каманды і пад кіраўніцтвам ментараў разважалі пра тое, як можна выкаростоўваць сучасныя тэхналогіі на карысць грамадства ў Беларусі, а потым прэзентавалі свае прапановы перад аўдыторыяй.

Першае разгледжанае ўдзельнікамі пытанне: як з дапамогай сучасных тэхналогій можна зрабіць больш эфектыўным працэс навучання? Сярод агучаных школьнікамі ідэй – выкарыстоўванне падчас заняткаў  VR-акуляраў, сімулятараў, анлайн-гульняў і квэстаў для нагляднага засвойвання вучэбнага матэрыялу. Падлеткі прапанавалі праводзіць відэаканференцыі з сусветна вядомымі экспертамі і выкладчыкамі, здымаць заняткі на відэа і публікаваць іх на сайце школы, аўтаматызаваць праверку кантрольных работ, каб выключыць чалавечы фактар і пазбавіцца прадузятасці. На думку ўдзельнікаў крэатона было б карысна распрацаваць сайт, на якім будуць сабраны электроныя версіі падручнікаў, працоўных сшыткаў, дзённікаў, расклад заняткаў — гэта мінімізуе колькасць паперы і пазбавіць школьнікаў цяжкіх партфеляў.    

Другая задача, якую паставілі перад ўдзельнікамі сустрэчы – прапанаваць дадаткі, якія будуць карысныя для нашага грамадства ў сферах: культура, інклюзія, экалогія. Школьнікі прапанавалі стварыць дадатак, які фіксуе памер забруджвання навакольнага асяроддзя кожным з нас, і анлайн-мапу для людзей з асаблівымі патрэбамі, на якой пазначаны месцы з пандусамі. Таксама старшакласнікі выказаліся за тое, каб зрабіць наведванне музеяў і гістарычных мясцін больш цікавым. Для гэтага размяшчаць на помніках і экспанатах QR-код, з дапамогай якога можна даведацца больш цікавай інфармацыі, і выкарыстоўваць VR-акуляры.  

Усе прапанаваныя старшакласнікамі ідэі разглядалі спецыялісты па вызначаных тэмах, прадстаўнікі кампаніі А1 і акадэмічнай супольнасці Гродна. Эксперты, сярод якіх Глеб Койпіш – дырэктар студыі вэб-дызайну «Іквадарт», і Алег Каратаеў – вядучы інжынер па тэсціраванні ПЗ, EPAM Grodno, звярталі ўвагу на крэатыўнасць і навізну прапаноў, арыгінальнасць і нестандартнасць вырашэння пастаўленых пытанняў, рэалістычнасць задум і магчымасць іх увасаблення, а таксама паспяховасць прэзентацыі. 

Каманды, якія прапанавалі лепшыя IT-рашэнні, атрымалі падарункі, а ўсе выступоўцы – карысныя парады ды каментары ад экспертаў. Напрыканцы мерапрыемства журы вызначыла найлепшага прамоўцу крэатона, а таксама прамоўцу, які лепш за ўсіх валодае беларускай мовай. 

Рэгіянальныя крэатоны – частка адукацыйнай праграмы праекта «Першыя», які рэалізуецца кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцый TEDxMinsk. Крэатоны ўжо прайшлі ў Віцебску і Магілёве і сталі адной з яркіх падзей для мясцовай моладзі. Апошні крэатон адбудзецца 29 лютага ў Гомелі і будзе прысвечаны тэме экалогіі. Напярэдадні мерапрыемства выйдзе  эпізод падкаста «Першыя», гаворка ў якім пойдзе пра дзейнасць у гэтым кірунку. 

«Першыя» – гэта рэспубліканскі конкурс ідэй, з дапамогай якіх можна змяніць навакольны свет, грамадства ці жыццё людзей да лепшага. Збор заявак яшчэ працягваецца, і прапанаваць сваю задуму да 8 сакавіка могуць вучні 9-х, 10-х і 11-х класаў з усіх рэгіёнаў Беларусі.

Кожны ўдзельнік конкурсу цягам навучальнага года распрацоўвае сваю ідэю, а для ўдзелу ў фінале будуць адабраныя дзесяць старшакласнікаў. Кожны з іх атрымае прыз – iPhone Xs, а таксама пад кіраўніцтвам персанальнага ментара прадставіць сваю ідэю на маштабнай маладзёжнай канферэнцыіі TEDxYouth@Minsk. 

Больш падрабязнай інфармацыі – на сайце праекта «Першыя» www.generation.A1.by.

 

Похожие записи

Верх