Беларускія школьнікі і першакурснікі прадставяць свае праекты ў прамым эфіры моладзевай канферэнцыі TEDxYouth@Minsk

TEDxYouth-2021-banner-1920x1080

25 верасня адбудзецца інтэлектуальная канферэнцыя для моладзі TEDxYouth@Minsk. Сёлета яна пройдзе ў анлайн-фармаце і будзе транслявацца ў прамым эфіры на сайце праекта «Першыя» generation.a1.by. Яго фіналісты – 10 старшакласнікаў і першакурснікаў з розных рэгіёнаў Беларусі – прадставяць свае ідэі і праекты ў сферы тэхналогій, экалогіі, урбаністыкі, інклюзіі і культуры.

Удзельнікі выйдуць у знакаміты чырвоны круг TEDx з 10-хвіліннай прамовай, якую рыхтавалі разам з ментарамі – прадстаўнікамі беларускай супольнасці TEDxMinsk. Па традыцыі прэзентацыі ўсіх спікераў будуць гучаць па-беларуску, бо адна з мэтаў праекта «Першыя» – пашырэнне выкарыстання беларускай мовы.

Ганна Груша з Мінска ўпэненая, что ўсю нашу дзейнасць трэба ўспрымаць як неабсяжнае поле гульняў, бо менавіта яны дапамагаюць зрабіць любы працэс простым і цікавым. І прапануе згуляць з ёй тым, хто лічыць экалогію нечым складаным і «не сваім».

Дзмітрый Грыбоўскі з Барысава ведае, як зацікавіць падлеткаў чытаннем і з дапамогай сацсетак адчуць сувязь з літаратурай, героямі твораў і іншымі чытачамі.

Настасся Домніч з вёскі Дзеркаўшчына Глыбоцкага раёна знайшла арыгінальны спосаб вывучэння гісторыі – праз прыгатаванне традыцыйных страў. І ўзялася за арганізацыю міні-пякарні, дзе будуць выкарыстоўваць і захоўваць старажытныя рэцэпты. 

Мінчанка Дар’я Камінская падзеліцца сваім спосабам лёгка і весела вучыць вершы са школьнай праграмы.

Соф’я Лагуткова з Гомеля прапанавала ідэю пераапрацоўваць аднаразовыя маскі так, каб не шкодзіць ні навакольнаму асяроддзю, ні самім людзям.

Марыя Патапава з Полацка прапануе пазнаёміцца са спосабамі распрацоўкі тактыльных карцін, каб арганізаваць выставы ў беларускіх гарадах і паказаць невідушчым наведвальнікам знакамітыя мастацкія творы. 

Іван Пухоўскі з Чэрыкава  лічыць, што у крэатыўнай прасторы значна прасцей выхаваць крэатыўнага чалавека. Напрыклад, навучанне ў класах з жывымі сценамі будзе больш камфортным і да таго ж больш прыдатным для правядзення ўрокаў біялогіі, экалогіі і нават праграміравання. 

Мікіта Русецкі з Віцебска пазнаёміць са сваім праектам NESEKRET, які дапаможа школьнікам і педагогам зрабіць больш разнастайным навучальны працэс і тым самым павысіць яго эфектыўнасць.

Ганна Сямёнава з Мінска разам з камандай стварыла праект Accessia, каб любы чалавек з дапамогай сучасных тэхналогій, а таксама тэстаў, выкананых карыстальнікам, шукаў сферу, у якой зможа максімальна рэалізаваць свой патэнцыял.

Валерыя Цабрук з Пружан раскажа, як маляванне дапамагае сацыялізацыі і псіхаэмацыйнаму развіццю дзяцей з асаблівасцямі. 

Прамая бясплатная трансляцыя канферэнцыі TEDxYouth@Minsk пачнецца 25 верасня ў 13:00. Далучыцца да эфіру можна на сайце праекта generation.a1.by з любой кропкі Беларусі і свету. 

Пра праект «Першыя»

Сацыяльна-адукацыйны праект «Першыя» – гэта конкурс яскравых ідэй пакалення Z, які з 2019 года праводзіцца для вучняў 9-х, 10-х і 11-х класаў кампаніяй А1 пры падтрымцы арганізатараў канферэнцыі TEDxMinsk. Цягам навучальнага года школьнікі распрацоўваюць свае праекты ў розных тэматычных кірунках. Сёлета іх ужо пяць: «Экалогія», «Тэхналогіі», «Урбаністыка», «Інклюзія» і «Культура». Таксама для ўдзельнікаў праекта праводзяцца майстар-класы і мітапы, у якіх прафесіяналы з розных сфер дзеляцца парадамі па запуску і прэзентацыі праектаў. Сезон 2021 года цалкам праходзіць у анлайн-фармаце. Больш падрабязнай інфармацыі – на сайце generation.a1.by.

 

Похожие записи

Верх